| urir.bsu.by >> выставки, презентации, рецензии ВЫСТАВКИ, ПРЕЗЕНТАЦИИ, РЕЦЕНЗИИСвята пісьменства ў Смаргоні 6 верасня ў г. Смаргоні Гродзенскай вобласці адбылося ўрачыстае свята Яе Вялікасці Кнігі – 
Дзень беларускага пісьменства. У горад, які размешчаны на перапляценні дзвюх рэчак Гярвяткі і Оксны, прыбыло мноства ўдзельнікаў і гасцей свята. Удзел ва ўрачыстасцях прынялі прадстаўнікі ўлады, духавенства, выдаўцы, навукоўцы, пісьменнікі, замежныя дэлегацыі, журналісты, студэнты і школьнікі, артысты...
 У ліку ганаровых гасцей прысутнічаў рэктар БДУ акадэмік С. В. Абламейка.
 Як і заўсёды свята пачалося з Божай Літургіі ў Саборы Праабражэння Гасподняга, куды прыбыла навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да святыняў" з нязгаснай лампадай. Пад малінавы перазвон адбылося асвячэнне Сабора, 
закладка Саду малітвы.
 На галоўнай сцэне на цэнтральнай гарадской плошчы прайшла цырымонія ўрачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства, тэатралізаваная дзея, у якой "завіталі на свята" беларускі асветнік і паэт Францішак Багушэвіч, 
кампазітар, аўтар вядомага паланеза "Развітанне з Радзімай" Міхал Клеафас Агінскі, а таксама князь Хрыстафор Зяновіч, які заснаваў у Смаргоні фабрыку па вытворчасці паперы яшчэ ў ХVI ст. і меў вялікую асабістую бібліятэку.
  Белымі галубамі, вадзянымі фантанамі, магутным перазвонам, агнём і песняй залунала, закружыла, заверхаводзіла свята...
 На сцэне Летняга амфітэатра атрымалі ўзнагароды пераможцы Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і Рэспубліканскага конкурсу на лепшыя творы ў паэзіі, прозе, драматургіі, літаратурнай крытыцы, дзіцячай літаратуры.
 Смаргоншчына – прыгожая зямля з багатымі гістарычнымі і духоўнымі традыцыямі. Крэўскі замак, радавы маёнтак Агінскіх, сядзіба ў Кушлянах, дзе жыў Францішак Багушэвіч...
 Ужо стала добрай традыцыяй на штогадовы Дзень беларускага пісьменства пакідаць адметныя знакі пашаны і павагі да людзей, якія сваім самаадданым служэннем Бацькаўшчыне засталіся ў гістарычнай памяці народа. Сёлета такой 
постаццю абраны Францішак Багушэвіч, велічны помнік якому паўстаў на беразе Оксны.
 
  Свята атрымалася вельмі маштабным. Цэнтр горада – вуліцы, плошча, старадаўні парк – 
былі запоўнены кніжнымі экспазіцыямі, імправізаванымі сцэнічнымі пляцоўкамі. Па-сапраўднаму працаваў "Горад майстроў", гучалі вершы, песні, музыка... Багатая на падзеі і асобы мінуўшчына Смаргонскага краю і цяперашнія 
культурныя адметнасці раскрыліся перад гасцямі ва ўсёй красе.
 У гарадскім парку карагодзіў Фестываль кнігі і прэсы. Тут на спецыяльных пляцоўках разгарнуліся тэматычныя выставы кніг, газет, часопісаў...Свята беларускага пісьменства – своеасаблівая справаздача для творчых калектываў. Да гэтага дня ў выдавецтве БДУ рыхтаваліся загадзя.
 Універсітэцкая кніга, а гэта курсы лекцый, вучэбныя дапаможнікі, падручнікі, вучэбна-метадычныя комплексы, даведнікі і манаграфіі, былі размешчаны ў экспазіцыі тэматычных кніжных пляцовак "Шлях да ведаў", "Зямля пад белымі 
крыламі. Году роднай зямлі прысвячаецца", а таксама ў павільёне "Сучасная беларуская кніга" і мелі вялікі попыт у наведвальнікаў.
 З вялікім уздымам прайшлі прэзентацыі кніг "Сербская літаратура. Анталогія тэкстаў", "Украінская літаратура", "Российские и славянские исследования", "Экология городской среды" з удзелам аўтараў БДУ І. А. Чароты 
і гасцей з Сербіі і Чарнагорыі літараратараў Нэвены Вітошавіч-Чэкліч і Слабадана Вуканавіча, а таксама П. І. Навойчыка, А. П. Салькова і Г. А. Семянюк.
 Прадстаўніча ў экспазіцыі выдавецтва БДУ выглядалі юбілейныя выпускі навуковага часопіса "Веснік БДУ", якому сёлета споўнілася 40 гадоў, а таксама аднагодка БДУ газета "Універсітэт", пераможца V Нацыянальнага конкурсу 
друкаваных СМІ "Залатая літара" ў намінацыі "Найлепшая шматтыражная газета". Узятыя для прэзентацый нумары газеты разляцеліся ўмомант: былыя выпускнікі жадалі даведацца аб навінах Alma Mater, а школьнікі цікавіліся 
ўмовамі паступлення ў вядучую ўстанову краіны.
  Віктарына "Мой універсітэт" і бяспройгрышная латарэя зацікавілі і дзяцей і дарослых, а асабліва выхаванцаў гімназіі г. п. Бараўляны Мінскага раёна, якія ўжо ў каторы раз прыязджаюць на свята са сваімі настаўнікамі. 
Удзел у падрыхтоўцы і правядзенні віктарыны разам з выдаўцамі прымалі работнікі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ А. В. Буціна і Н. Л. Карбановіч.
 Дзень беларускага пісьменства, у аснову канцэпцыі якога пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі, дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, 
з сведкамі творчага працэсу стварэння кнігі, газеты, часопіса.
 У наступным годзе Дзень беларускага пісьменства вырашана правесці ў г. Хойнікі Гомельскай вобласці на радзіме народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.
   
 
	На чале навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» галоўны захавальнік Дабрадатнага Агню ад Труны Гасподняй Сяргей Гардун і пісьменніца, нязменны кіраўнік экспедыцыі 
	Ніна Загорская з цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконай   
 Пасадка Саду малітвы   
 На памяць нашчадкам   
 Дзень беларускага пісьменства пачаўся з Літургіі ў новым Саборы Праабражэння Гасподняга
   
 Кніжная экспазіцыя БДУ на тэматычнай пляцоўцы «Шлях да ведаў»   
 Кнігі БДУ ў экспазіцыі тэматычнай пляцоўкі «Зямля пад белымі крыламі. Году роднай зямлі прысвячаецца»
   
 Экспазіцыя кніг БДУ ў павільёне «Сучасная беларуская кніга»   
 Экспазіцыя перыядычных выданняў БДУ: газета «Універсітэт», лаўрэат V Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая літара» у намінацыі
 «Найлепшая шматтыражная газета»; часопіс «Веснік БДУ»,
 якому ў гэтым годзе споўнілася 40 гадоў
   
 Вядучыя прэзентацый  Святлана Грынкевіч і Таццяна  Петрачэнка   
 У ліку ганаровых гасцей на свяце прысутнічаў рэктар БДУ акадэмік НАН Беларусі С. В. Абламейка.
 Ля стэнда БДУ
   
   
 Цырымонія адкрыцця помніка беларускаму асветніку, паэту Францішку Багушэвічу
   
 Да стэнда выдавецтва БДУ разам з загадчыкам кафедры славянскіх літаратур доктарам філалагічных навук, прафесарам,
 лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне»
 завіталі госці з Сербіі і Чарнагорыі: Нэвена Вітошавіч-Чэкліч (у цэнтры),
 паэтка, драматург, мастачка, магістр мастацтвазнаўства, галоўны рэдактар
 радыё Сербскай праваслаўнай царквы і Слабадан Вуканавіч, 
	паэт, драматург,
 заснавальнік літаратурнай плыні «Паэмувіз» у Чарнагорыі
   
 
 Прафесар І. А. Чарота прадстаўляе кнігі «Српска књижевност» і гасцей з Сербіі і Чарнагорыі
   
 Знаёмства з экспазіцыяй   
 Да свята беларускага пісьменства была перавыдадзена хрэстаматыя у дзвюх частках «Украінская літаратура» аўтараў Т. В. Кабржыцкай,
 У. В. Рагойшы і П. І. Навойчыка. Аўтарскі калектыў на прэзентацыі кнігі
 прадстаўляў кандыдат філалагічных навук, дацэнт,
 намеснік дэкана філалагічнага факультэта П. І. Навойчык
   
 «Новую кнігу ў рукі бярэш, і адгукаецца рэхам Скарына...»   
 
 
	Прадстаўляе чацверты выпуск навуковага зборніка «Российские и славянские исследования» кандыдат гістарычных навук,
 дацэнт, загадчык кафедры гісторыі паўднёвых 
	і заходніх славян
 гістарычнага факультэта А. П. Салькоў
   
 Курс лекцый «Экология городской среды» быў прадстаўлены ў экспазіцыі тэматычнай пляцоўкі «Зямля пад белымі крыламі.
 Году роднай зямлі прысвячаецца». 
	Выступае аўтар кандыдат біялагічных навук,
 дацэнт кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі
 біялагічнага факультэта Г. А. Семянюк
   
 Займальна прайшла віктарына «Наш універсітэт»     
 Розыгрыш бяспройгрышнай латарэі   
 Кнігамі БДУ цікавілася тэлебачанне   
 Фота на ўспамін аб свяце ў Смаргоні     
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
 
 Працуе горад майстроў «Ад прадзедаў з пакон вякоў нам засталася спадчына»
   
 Фотарэпартаж падрыхтавала вядучы рэдактар Упраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы
 Наталля Герасімовіч
 
 См. также: Работа конференции «Славянское книгопечатание и культура книги» См. также: Экскурсия в лето См. также: Свята кнігі ў Барысаве См. также: Награды |